Супрацоўнік ДАІ ў Гродне за працай. Фота: «Гродзенская праўда»

Супрацоўнік ДАІ ў Гродне за працай. Фота: «Гродзенская праўда»

Рабочы ўвечары быў у мясцовай бальніцы, калі старшы сяржант і лейтэнант ДАІ адвезлі яго ў РАУС для разбору паводле арт.19.6 КаАП «Заведама ілжывае паведамленне». Мужчына сцвярджае, што ў аўтамабілі яму апускалі шапку на вочы і двойчы ўдарылі па твары далонямі. У кабінеце РАУС яго без прычыны білі нагамі па галаве і нагах, падымалі і кідалі на падлогу, адзін з супрацоўнікаў душыў. Таксама чатыры разы яго ўдарылі далонямі па твары.

Пра гэта мужчына распавёў на наступны дзень пасля абеду следчаму, які прыехаў у ЦРБ. Збіццё лічылася б перавышэннем улады або службовых паўнамоцтваў (ч. 3 арт. 426 КК). За гэта пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Эксперт прызнаў, што ў збітага ёсць лёгкія цялесныя пашкоджанні.

Двое даішнікаў расказалі, што прыехалі па выкліку па факце ДТЗ. Яны затрымалі мужчыну. Па іх сцвярджэнні, яго не білі ні пры дастаўленні, ні ў кабінеце. А фізічную сілу і кайданкі ўжылі, таму што ён аказаў ім непадпарадкаванне. Сведка і ўчастковы расказаў, што затрыманы паводзіў сябе неадэкватна — яго даводзілася несці ў службовы кабінет.

Паводле версіі суда, на відэарэгістратарах не відаць, што затрыманага збіваюць. У апеляцыі мужчына звяртае ўвагу на тое, што відэарэгістратары супрацоўнікаў міліцыі перыядычна адключаюцца. А калі ўключаюцца зноў, у яго бачныя ўдары.

Суд: законнае прымяненне сілы

Раней і сам мясцовы жыхар казаў пра тое, што яму пагражалі прымяненнем сілы, а не пра само яе ўжыванне. Суд палічыў, што пабоі абумоўленыя законным ужываннем фізічнай сілы.

Таму ў завядзенні крымінальнай справы яму адмовілі, а самога збітага судзілі за ілжывы данос (ч. 2 арт. 400 КК). Той віну не прызнаў. Але 15 студзеня 2024 года суд Ваўкавыскага раёна вырашыў пакараць яго трыма гадамі «хатняй хіміі».

Таксама мужчыну судзілі за загадзя хлуслівае паведамленне, непадпарадкаванне і абразу (ч.1 арт. 19.6, арт. 24.3, ч. 1 арт. 24.4 КаАП).

Абласны суд паверыў збітаму

Рабочы абскардзіў прысуд. Ён прасіў адмяніць рашэнне суда і накіраваць яго на новае расследаванне.

З новага разгляду можна даведацца, што пры дастаўленні ў ізалятар мужчыну адмовіліся прымаць туды з-за бачных значных цялесных пашкоджанняў. Двойчы яго аглядалі дактары — і вырашылі шпіталізаваць. Той жа сведка-ўчастковы расказаў, што пры вывадзе з ЦРБ рабочы адмовіўся ісці ў аўтамабіль. Да яго ўжылі сілу і спецсродкі — загін рукі за спіну і кайданкі. Але сінякоў не было відаць. Калі ж ён выходзіў з камеры, на твары быў сіняк. Гэтага сведку ў раённым судзе не апыталі.

У адмове ў завядзенні крымінальнай справы няма даных пра:

  • кровападцёк у вобласці левага вока,
  • траўматычную перфарацыю (парыў) барабаннай перапонкі,
  • цялесныя пашкоджанні у вобласці твару, грудной клеткі.

Што тычыцца відэазапісаў з рэгістратараў, то перапынкі адбываюцца менавіта ў той час, калі, па словах абвінавачанага, яго збівалі. Таксама на відэазапісе з камер вонкавага назірання відаць, як да чалавека, які знаходзіцца на пярэднім сядзенні, прымяняецца фізічная сіла, чутныя ягоныя крыкі аб дапамозе.

«Гэтыя абставіны таксама засталіся без належнай увагі суда першай інстанцыі і належнай ацэнкі не атрымалі», — даў вердыкт Гродзенскі абласны суд. Да таго ж, не дапыталі сведак збіцця з ліку супрацоўнікаў ізалятара. Абвінавачаны не быў азнаёмлены пад подпіс аб крымінальнай адказнасці па арт. 400 КК.

У выніку рашэнне суда адмянілі — яго будуць разглядаць зноўку іншыя суддзі.

Чытайце таксама:

«Мы можам змагацца, можам выйсці і крыкнуць: «Будзьце вы праклятыя!» А беларусы — не»

Супрацоўніца Цэнтральнага РУУС Мінска напісала данос на начальніка. А яго ўзялі і павысілі

Колькі далі п'янаму мінчуку, які ўдарыў «ружачкай» выпадковага чалавека? Гэта ж не палітыка, таму яго пакінулі дома

Клас
20
Панылы сорам
4
Ха-ха
5
Ого
15
Сумна
6
Абуральна
14