Лукашэнкаўцы называюць фоты забітых ХАМАС дзяцей фэйкам, даказваюць гэта згенераваным шчанюком

Нянавісць да Захаду сплятаецца з антысемітызмам і беларусафобіяй у новых допісах лукашэнкаўскіх прапагандыстаў.

14.10.2023 / 19:45

Увага! У скрыншотах допісаў утрымліваюцца фота абгарэлага цела. 

Ананімныя карыстальнікі буйных інтэрнэт-платформ 4chan і Reddit нядаўна напісалі аб тым, што фатаграфіі забітых і спаленых тэрарыстамі ХАМАС ізраільскіх дзяцей з'яўляюцца фэйкавымі. Даказаць гэта яны паспрабавалі фатаграфіяй шчанюка, якую выдаюць за арыгінальнае фота без лічбавых умяшанняў. Фота: 4chan / Reddit

Адны прапагандысты гавораць аб «генетычнай схільнасці да крыўд» у яўрэяў, другія ўбачылі «адсутнасць правоў чалавека» пры дзеяннях у адказ з боку Ізраіля у дачыненні да ХАМАС, а трэція знайшлі «сімвал сканчэння эпохі калектыўнага хіпстара» у масавай бойне ізраільцян на музычным фестывалі каля сектара Газа.

Знайшліся і тыя, хто адкапаў у інтэрнэце фота шчанюка, даказваючы, што насамрэч яўрэйскіх дзяцей палесцінцы не забівалі.

«А потым раскажыце, што вам у Беларусі жыць хранова»

Прапагандыст Ігар Тур на фоне падзей у Ізраілі вырашыў паразмаўляць з «вядомым яўрэем з Беларусі», які па сумяшчальніцтве з'яўляецца яго «ідэалагічным апанентам», і паразважаць на тэму крыўдлівасці ізраільцян.

Абодва прыйшлі да меркавання, што яўрэі нібыта «схільныя мацней за іншыя народы крыўдзіцца на абразы па нацыянальнай прыкмеце», бо гэта абумоўлена «іх генетыкай».

— Смею заўважыць, што яўрэі на жарты і абразы па нацыянальнай прыкмеце рэагуюць куды больш балюча, чым іншыя нацыянальнасці.

— Гэта ў іх генетычна. Вы ведаеце якую-небудзь другую нацыю, якую, напрыклад, у царскай Расіі, урэзалі ў правах і адсялялі ў гета?

— Так, але генетычная крыўдлівасць яўрэяў часта перакладаецца на тых, хто іх абражае. Гэта так сабе ў плане рацыянальнасці і справядлівасці.

Ідэолаг Аляксей Дзерман у сваю чаргу не стаў аналізаваць генетыку, а шукае знакі і сэнсы ў тым, што адбываецца ў Ізраілі. 

У сваіх пошуках ён вызначыўся, што масавыя растрэлы і катаванні наведвальнікаў музычнага фестывалю побач з сектарам Газа з'яўляюцца «своеасаблівым сімвалам канца хіпстарскай эпохі».

А Аляксандру Шпакоўскаму не спадабалася тое, што палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі падвергліся асуджэнню і крытыцы, у адрозненне ад ізраільскіх бамбардзіровак Газы.

Пры гэтым бамбёжкі ўкраінскіх гарадоў расійскай арміяй, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, як гэта было напачатку вайны, Шпакоўскі злачынствам не называе. Ну і пра тое, што Ізраіль у гэты раз падвергся нападу першым Шпакоўскі таксама не згадвае.

У той жа час прапагадыст Рыгор Азаронак абурыўся жорсткасцю затрымання баевікоў ХАМАС, ад рук якіх загінула больш за 1300 тысячы ізраільцян. 

Ëн таксама ўспамінае аб міжнародных канвенцыях, а таксама выказвае думку, што расстрэлы расіянамі ўкраінцаў у Бучы блякнуць на ​​фоне разбурэнняў у палесцінскай Газе. 

А тэлеграм-каналы «Беларускі сілавік» і «Жоўтыя злівы» адмаўляюць сам факт забойстваў ізраільскіх дзяцей баевікамі ХАМАС і называюць фэйкавымі фоты, якія днямі выклалі афіцыйныя рэсурсы ўрада Ізраіля.

Для гэтага прапагандысты посцяць параўнальныя фоты забітага дзіцяці і шчанюка, які быў нядаўна апублікаваны невядомымі на інтэрнэт-платформах 4chan і Reddit, выстаўляючы апошняга ў якасці першапачатковага арыгінала.

Іх пасты пад капірку перадрукавалі драбнейшыя каналы, у тым ліку Вольга Бондарава.

Увага! У скрыншотах допісаў утрымліваюцца фота абгарэлага цела. 

Але ці сапраўдны сам шчанюк? Перад тым, каб знайсці адказ на гэтае пытанне, мы спачатку вырашылі праверыць на лічбавыя ўмяшанні афіцыйныя здымкі, якія нядаўна былі выкладзеныя урадам Ізраіля.

Для гэтага мы выкарысталі папулярны інтэрнэт-сэрвіс AI or Not, які вызначае, ці зроблена выява пры дамапозе штучнага інтэлекту. Вынікі апынуліся адмоўнымі, сэрвіс палічыў афіцыйныя здымкі за сапраўдныя.

Асцярожна! Жорсткія фоты.

Скрыншоты праверак фота на сгенераванасць нейрасеткамі. Вынікі адмоўныя, фоты зроблены людзьмі. Крыніца: AI or Not

Што да фота шчанюка, то яго вывучэннем нядаўна заняўся інтэрнэт-партал Arlington Post. Пры дапамозе аналізу ўзроўню памылак (Error Level Analysis, ELA) было вызначана, што фатаграфія сабакі дэманструе відавочныя прыкметы лічбавых маніпуляцый, а таксама мае невялікія анамаліі ў узроўнях сціску, шуму і рэзкасці выявы. 

Пры гэтым арыгінальнае фота з ахвярай ХАМАС, па выніках аналізу, з'яўляецца некранутым і сапраўдным.

Arlington Post перад аналізам таксама адзначыў, што звычайныя сэрвісы па выяўленні лічбавых альбо нейрасеткавых умяшанняў у фоты могуць часта памыляцца пры аналізу спаленых аб'ектаў на здымках і вызначаць іх у якасці штучных.

Analysis of of the alleged burned baby photo posted by @benshapiro and the subsequent 4chan photo of a puppy:

Error Level Analysis (ELA) is a digital forensic technique used to detect potential manipulations in digital images. If a portion of the image is edited and then… pic.twitter.com/hYwvBIVYk7

— Arlington Post (@Arlpost) October 13, 2023

Акрамя таго, пад публікацыяй са шчанюком на інтэрнэт-платформе Reddit большасць карыстальнікаў таксама выказала сумненне ў праўдападабенстве сабакі, звяртаючы ўвагу на некаторыя візуальныя анамаліі жывёлы.

«Сабака выглядае больш намаляваным, чым першая выява. Паглядзіце на яго левае плячо, выглядае так, быццам ён як чалавек падклаў левую руку пад галаву ў якасці падушкі. Я, канешне, не эксперт, але не думаю, што ў сабак з такой афарбоўкай бываюць блакітныя вочы. Аддае штучным інтэлектам значна мацней, чым на першапачатковым фота», — піша адзін з карыстальнікаў Reddit пад публікацыяй са шчанюком, якога выдаюць за арыгінал.

Сама публікацыя ўжо выдалена з платформы.

Рэакцыі карыстальнікаў пад публікацыяй з несапраўдным шчанюком на інтэрнет-платформе Reddit

Фота шчанюка, якое падавалася неназванымі аўтарамі ў якасці арыгінала замест здымкаў забітых ХАМАС ізраільскіх дзяцей

Нагадаем, што гэта не першыя рэакцыі лукашэнкаўскай прапаганды на напад палесцінцаў на Ізраіль. «Мінская праўда» заклікала ўзарваць атамную бомбу над Ізраілем, а ўварванне ХАМАС у Ізраіль называўся «перамогай Масквы і Мінска». 

Гэтую калонку заўважылі цэнтральныя ізраільскія медыя. Яны адгукнуліся на антыізраільскую рыторыку «Жоўтых зліваў».

Чытайце таксама:

Беларуская прапаганда ўкінула ідэю, што ізраільцянаў хочуць перасяліць ва Украіну

Трое выхадцаў з Беларусі загінулі ў Ізраілі, яшчэ адзін беларус прапаў без вестак — МЗС

Ізраіль заклікаў насельніцтва поўначы сектара Газа эвакуявацца на поўдзень цягам 24 гадзін

Марк Рыхтэр