У кулуарах заключнай сесіі Палаты прадстаўнікоў шостага склікання карэспандэнт «Нашай Нівы» перагаварыў з некаторымі дэпутатамі. 

Вось Ігар Марзалюк, напрыклад, расказаў нам аб сваіх найбольшых дасягненнях у час парламенцкай работы. 

«Напачатку работы я схадзіў на сход прафесуры БДУ, людзі там паднялі пытанне, каб дактарам навукі і прафесарам, нават калі яны цалкам сыходзяць на пенсію, захоўвалі надбаўку за ступень доктара навук і за атэстат прафесара. Дзякуючы рэктару БДЭУ Шымаву, які зрабіў 90% работы — пісаў абгрунтаванні, пераконваў міністра фінансаў, быў распрацаваны Указ прэзідэнта, у якім ёсць раздзел, што з першага студзеня 2020-га даплаты будуць атрымоўваць усе дактары навук і прафесары, на 50% павялічыцца ў іх пенсія, яны гэта заслужылі. І я казаў, што каб абараняліся дысертацыі ў краіне, трэба плаціць нармальныя стыпендыі. Гэта пачута, цяпер стыпендыя дактаранта будзе за 900 рублёў, а аспіранта каля 550, вось гэтым я ганаруся — там недзе 5% ёсць, гэтым я ганаруся», — сказаў Марзалюк. 

«Таксама я спрычыніўся да Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі — раздзел 4 пра традыцыйныя каштоўнасці, пра беларускую мову, пра гістарычную палітыку — гэта рабіў я. Я гэтым ганаруся». 

Мы таксама спыталіся ў Марзалюка, ці справядліва, што ў новым парламенце няма апазіцыянераў?

«Гэта і несправядліва і справядліва — іх тут няма, бо яны не хацелі тут быць. Я бачыў па сваёй акрузе, як людзі працавалі — нават улёткі не вешалі. Ну трэба ж было неяк змагацца за працоўнае месца. А хто вінаваты ў няўдачах Канапацкай і Анісім? А вы вось спытайце іх, нават метадам вылучэння ад партыі іх не захацелі вылучыць. Але ці ёсць у нас увогуле сістэмная апазіцыя, якой вераць і за якой ідуць?», — задаўся пытаннем Марзалюк, на што мы ўдакладнілі, ці не хацеў бы ён закрыць гэты прабел і ўзначаліць парламенцкую апазіцыю. 

«Мяне задавальняе тое месца, якое я займаю», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?