Фота: mogilevnews.by

Фота: mogilevnews.by

У дні, калі беларусы ўшаноўваюць памяць расстраляных ахвяр савецкіх рэпрэсій, вернікі Беларусі моляцца аб нявінна забітых. Так, сёння набажэнствы прайшлі ў Магілёве і Гомелі. У гэты дзень Беларуская праваслаўная царква згадвае ўсіх праваслаўных вернікаў, «бязвінна багаборцамі забітых або тых, хто знаходзіўся ў зняволенні», піша Katolik.life.

Епіскап Светлагорскі, вікарый Гомельскай епархіі Амвросій адправіў літургію ў Нікольскім манастыры Гомеля. А ў Магілёве асвяцілі паклонны крыж, усталяваны на месцы расстрэлу ахвяр сталінскіх рэпрэсій (на праспекце Дзімітрава каля прыпынку «Мясакамбінат») і правялі памінальнае набажэнства. Богаслужэнне ўзначаліў архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній.

Праўда, на новым каменным крыжы, устаноўленым каля драўлянага, не гаворыцца пра ахвяр рэпрэсій. Яны названыя больш абцякальна «рабамі Божымі, бязвінна забітымі ў дні ліхалецця 20-30-х гадоў».

Гэта месца масавых расстрэлаў называлася «Конскія могілкі», бо там спачатку хавалі жывёлу, потым стралялі людзей.

Каты эканомілі патроны: у патыліцу кожнай ахвяры быў толькі адзін стрэл. І калі ён быў няўдалым і чалавек яшчэ падаваў прыкметы жыцця, то яго скідалі ў яму разам з іншымі забітымі — «і так падохне!». Затым злёгку прысыпалі зямлёй.

Першымі ў гэтую зямлю ў пачатку 1920-х гадоў ляглі айцец Мікалай, настаяцель царквы, і некалькі ксяндзоў. Потым могільнік папоўніўся вернікамі і атэістамі, цывільнымі і вайскоўцамі, сялянамі і інтэлігенцыяй.

У канцы 1980-х пачаліся раскопкі на месцы могільніка. Было раскапана каля сотні чалавечых парэшткаў. Амаль у кожным чэрапе была дзірка ў патыліцы, дзе-нідзе спарахнелыя рэшткі адзення, абутку.

Чаканая версія — нацысты расстрэльвалі тут палонных з Лупалаўскага канцлагера — не пацвярджалася. Усё паказвала на даваенны перыяд. Так пра трагедыю даведаліся ў горадзе. Ужо потым актывісты «Мартыралога» адшукалі сведак. І «магілёўскія Курапаты» сталі вядомыя ўсёй краіне.

Чытайце таксама:

На Дзяды еўрапейскія дыпламаты наведалі Курапаты. Там іх чакаў дэсант дзяржаўнай прэсы

Дзеці расстраляных. Дочкі Кляшторнага: цуд выжывання, добрыя людзі і вяртанне ў Беларусь

Памёр рэжысёр стужкі «Дарога на Курапаты», здымаць якую дапамагаў Зянон Пазняк

У Курапатах новыя факты вандалізму, зноў пацярпеў крыж Ластоўскаму

Клас
3
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
5
Абуральна
5