Павел Юшкевіч. Фота: Facebook

Павел Юшкевіч. Фота: Facebook

Гісторыю беларуса распавёў торуньскі партал Nowości, параўнаўшы яе з кафкіянскім сюжэтам. На яе звярнуў увагу Reform.by.

Павел Юшкевіч нарадзіўся ў Васілішках Гродзенскай вобласці і прыехаў у Польшчу пасля школы ў 17 гадоў. Спачатку ён жыў з сям'ёй у Піле, але пазней пераехаў у Торунь. Ва Універсітэце Мікалая Каперніка ён скончыў спачатку педагагічны факультэт, потым факультэт міжнародных адносін. Затым, ужо будучы двойчы магістрам, ён атрымаў ступень бакалаўра рускай філалогіі і прыступіў да напісання доктарскай дысертацыі. У 2011 годзе ён быў прызнаны найлепшым замежным студэнтам у Польшчы, таксама стаў лепшым студэнтам Куяўска-Паморскага ваяводства. Ён быў занесены ў Залатую кнігу студэнтаў Універсітэта Мікалая Каперніка і з'яўляўся стыпендыятам міністра адукацыі. Партал адзначае, што ён актыўна прымаў удзел у дапамозе беларусам, якіх пераследуюць.

У 2008 годзе Павел атрымаў дазвол на пражыванне ў Польшчы, а пазней звярнуўся да ваяводы з просьбай аб атрыманні польскага грамадзянства. Згодна з працэдурай, ваявода запытаў меркавання розных службаў, у тым ліку Агенцтва ўнутранай бяспекі. Службы палічылі, што торуньскі студэнт уяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы. Юшкевіч не даведаўся падрабязнасцяў, паколькі заключэнне ABW з'яўляецца сакрэтным.

Павел звяртаўся ў суды, падаваў апеляцыі, аднак праблемай было тое, што абвінавачанні з'яўляліся таямніцай. У 2013 годзе Паўлу пагражалі высылкай з краіны, але ў выніку справа скончылася тым, што Упраўленне па справах замежнікаў адмяніла рашэнне ваяводы і накіравала яго на паўторны разгляд, а ваявода спыніў справу.

«Юшкевіч адчувае сябе палякам, ён лічыць Польшчу сваёй гістарычнай і цяперашняй радзімай. Ён жыве і працуе тут, у тым ліку мае ўласны бізнэс. Ён таксама з'яўляецца выкладчыкам. Яго начальства і калегі даюць яму вельмі добрыя водгукі.

Аднак, нягледзячы на розныя судовыя баталіі, яму так і не ўдалося даведацца пра меркаванне ABW ад 2013 года.

Больш за тое, яго паперы адправіліся з Вялікапольшчы ў Куяўска-Паморскае ваяводскае ўпраўленне. Туды яны трапілі разам з заключэннем ABW, на падставе якога польскія ўлады нядаўна пазбавілі Паўла Юшкевіча права на пражыванне. Апеляцыя была адхіленая. Хаця рашэнне можа быць аспрэчанае, у Юшкевіча ёсць месяц, каб пакінуць Польшчу», — гаворыцца ў матэрыяле.

Паводле інфармацыі рэсурсу, у абарону беларуса выступіла Святлана Ціханоўская. Летась, паводле звестак партала, Павел Юшкевіч заявіў, што гатовы ў любы момант прайсці праверку на паліграфе.

Выданне адправіла электронны ліст наконт Паўла Юшкевіча ў ваяводскае ўпраўленне ў Быдгашчы, але адказу не атрымала. Паведамляецца, што ў офісе прэсавага сакратара таксама ніхто не адказваў на званкі. Аўтары абяцаюць вярнуцца да гэтага пытання, калі атрымаюць адказ.

У пятніцу ў справу Паўла Юшкевіча ўмяшаўся старшыня Торуньскай гарадской рады Марцін Чыжнеўскі.

«Сёння я звярнуўся да куяўска-паморскага ваяводы з просьбай прыняць меры для прадухілення дэпартацыі Паўла Юшкевіча з Польшчы.

Павел, беларус, які жыве ў Польшчы з 17 гадоў, не можа атрымаць польскага грамадзянства праз сакрэтнае заключэнне ABW, якое, я цалкам перакананы, з'яўляецца вынікам правакацыі рэжыму Лукашэнкі.

Я асабіста знаёмы з Паўлам і ручаюся за яго вернасць і адданасць Польшчы, а таксама за яго прыхільнасць беларускім дысідэнтам.

Я спадзяюся, што яго ўдасца выратаваць ад наступстваў гэтага кафкіянскага рашэння, якое азначае не толькі дэпартацыю, але і турэмнае зняволенне ў Беларусі. Я вельмі прашу ўсіх, хто можа паўплываць на гэтую справу, падтрымаць і дапамагчы», — напісаў ён у Facebook.

Чытайце таксама:

«Угаворваў вярнуцца ў Беларусь». Як былы муж, дэпартаваны з Польшчы, спрабаваў адабраць дзяцей у палітычнай эмігранткі

«Мне паставілі адмову з дэпартацыяй і забаронай на ўезд на 5 гадоў». Беларусам сталі адмаўляць у падаўжэнні ДНЖ у Албаніі

Як беларускіх кіроўцаў вярбуюць для нелегальнай перавозкі мігрантаў па Еўропе

Клас
4
Панылы сорам
9
Ха-ха
13
Ого
13
Сумна
26
Абуральна
13